ПЛО́СКІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя і прабельныя элементы друкарскай формы знаходзяцца ў адной плоскасці. Заснаваны на выбіральным змочванні друкавальных элементаў тлустай фарбай, а прабельных — водным растворам (дасягаецца хім. апрацоўкай формы). Выкарыстоўваецца для друкавання газет, ілюстраваных часопісаў і кніг, геагр. карт, рэпрадукцыі карцін, упаковачнай прадукцыі і інш.

Паколькі тлушч і вада не змешваюцца, папярэдне ўвільготненыя прабельныя ўчасткі формы не ўспрымаюць фарбу і яна кладзецца толькі на друкавальныя элементы; пры ўвільгатненні формы вада не змочвае слой фарбы, але ўспрымаецца прабельнымі ўчасткамі. Пры друкаванні форму папераменна змочваюць вадой і закатваюць фарбай, якая з формы перадаецца затым на паперу ці інш. матэрыял. Першы спосаб П.д. — літаграфія (вынайдзена ў 1798), якая з сярэдзіны 20 ст. страціла сваё значэнне з пашырэннем плоскага афсетнага друку (вынайдзены ў 20 ст.). Плоскадрукавальная друкарская машына створана ням. вынаходнікам Ф.​Кёнігам у 1811. Да спосабаў П.д. адносіцца таксама фотатыпія (вынайдзена ў 1855). Плоскадрукавальныя машыны літаграфскага і фотатыпнага друку маюць плоскую форманясучую паверхню (талер) і цыліндрычную прыціскальную (друкавальны цыліндр). Гл. таксама Кнігадрукаванне.

Літ.:

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991;

Технология печатных процессов. М., 1989;

Чехман Я.И., Сенкусь В.Т., Бирбраер Е.Г. Печатные машины. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

Плоскі друк: а — прынцыповая схема друкавання (1 — друкарская форма, 2 — матэрыял, 3 — Друкавальны цыліндр, 4 — фарба); б — друкарская форма плоскага афсетнага друку (1 — друкавальныя элементы, 2 — прагальныя элементы, 3 — фарба, 4 — водны раствор); в — плоскадрукавальная машына (1 — транспарцёр, 2 — саманаклад, 3 — друкавальны цыліндр, 4 — талер, 5 — фарбавальны апарат; 6 — прыёмны стол).

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)